Бацькаўшчына — гэта дом твой,
Школа;
Гэта песні, што звіняць наўкола,
Гэта сам ты,
Гэта тата твой і мама.
І сябры твае таксама.
П. Панчанка
У межах рэалізацыі праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” 22 снежня 2020 года у ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Ганцавічы” была праведзена класная гадзіна “Урок пра родны куток” па тэматычным блоку “Я і Малая радзіма”.
На класнай гадзіне вучні 6 “Б” класа разважалі пра значэнне Малой радзімы ў жыцці кожнага чалавека, пра свае карані, любоў да роднай зямлі, усведамленне значнасці сваёй дзейнасці для росквіту і развіцця Малой радзімы, пачуццё адказнасці і гонару за свой край, гісторыка-культурную і духоўную спадчыну.
У інфармацыйным блоку “Адкуль мае карані” вучні расказалі пра гісторыю сваёй сям’і, традыцыі, абрады і звычаі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Многія вучні прынеслі на класную гадзіну рэчы, якім ужо не адзін дзясятак гадоў і якія захоўваюцца ў іх сем’ях. Пра рэчы дзеці расказалі гісторыі, якія перадаюцца ў іх сем’ях з пакалення ў пакаленне.
У дадзеным інфармацыйным блоку вучні расказалі пра паходжанне свайго прозвішча. У некаторых яно звязана з родам заняткаў далёкіх продкаў.
Не абмінулі ўвагай і тэму Вялікай Айчыннай вайны, якая закранула кожную сям’ю.
Інфармацыйны блок “Назад, у мінулае”. Заўсёды цікава паглядзець, як выглядаў родны горад дзясяткі гадоў таму: што стаяла на месцы сучаснай крамы, як выглядалі вуліцы, як апраналіся людзі, якімі былі гарадскія мерапрыемствы…
У 1997 годзе у Ганцавічах быў створаны раённы краязнаўчы музей. Дарэчы, будынак музея знаходзіцца ў цэнтры горада і з’яўляецца адным са старэйшых будынкаў горада.
На класнай гадзіне вучні адправіліся ў віртуальнае падарожжа па залах музея. Па выніках віртуальнай экскурсіі была праведзена віктарына “Мой горад”.
Напярэдадні правядзення класнай гадзіны вучні таксама наведалі Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў. Там яны пазнаёміліся з вырабамі народных майстроў, паўдзельнічалі ў майстар-класах. Дзеці пазнаёміліся з велізарным матэрыялам пра традыцыі раёна, ткацкія вырабы, ганчарства, вышыўку, роспіс. У якасці падарунка вучні атрымалі ляльку, якая дэманструе Пінска-Івацэвіцкі строй пачатку 20 ст. У такі касцюм апраналіся жанчыны ў знакамітай трылогіі Я.Коласа “На ростанях”. Ганцавіцкі раён захоўвае памяць пра вядомага пісьменніка, які пачынаў сваю працоўную біяграфію ў нашым раёне ў вёсцы Люсіна.
Трэба адзначыць, што на класнай гадзіне адбылася не толькі віртуальная экскурсія. У нашай установе адукацыі ёсць этнаграфічны куток. Вучні наведалі гэтае месца і пазнаёміліся з прадметамі побыту нашых продкаў.
У інфармацыйным блоку “Ганцавічы сучасныя” дзеці расказвалі пра сучаснае жыццё горада, чым ён знакаміты за сваімі межамі.
У апошнім блоку быў выкарыстаны прыём “Сэмплінг. Паспрабуй сам і раскажы іншаму”. Вучні падзяліліся на дзве групы. У першай групы былі журавіны з Ганцавіцкай навукова-эксперыментальнай базы “Журавінка” Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Другая група дзяцей атрымала кукурузныя палачкі “Забава” з мясцовага хлебазавода, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва раёна і за яго межамі. Патрэбна было скласці рэкламу атрыманай прадукцыі.
Дадзенае мерапрыемства выклікала ў вучняў цікавасць, было эмацыйным і канструктыўным.
Зажэка Таццяна Раманаўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 6 “Б” класа
ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Ганцавічы”